Першыя школы на тэрыторыі Бераставіччыны існавалі ўжо ў пачатку 17-га стагоддзя. Як правіла, у той час яны ствараліся пры храмах.

       Даследуючы жыцёвы шлях знакамітага вучонага Ігната Сымонавіча Анацэвіча, мы знайшлі звесткі аб тым, што ў 1789 ён скончыў школу ў Малой Бераставіцы. 

       Ёсць звесткі аб існаванні ў 1817 г. пачатковай школы ў Малой Бераставіцы (Малабжостовіца): за кошт парафіяльнага касцёла тут вучыліся 15 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі.

       Пры праваслаўнай царкве ў 1863 г. навучалася 10 хлопчыкаў.  

       У ХІХ ст. у сельскай мясцовасці Беларусі была масавая непісьменнасць насельніцтва, асноўную масу якога склаадлі сяляне. Пагэтаму ўлада пачала адкрываць у сярэдзіне ХІХ ст. ва ўсіх рэгіёнах Беларусі так званыя народныя вучылішчы, якія ўяўлялі сабой тып пачатковай свецкай школы. Вучні праходзілі Закон Божы, арыфметыку, рускую мову, чытанне і спевы. Закон Божы вялі святары, а астатнія прадметы настаўнікі.

       У 1865 годзе было адкрыта  Малабераставіцкае народнае вучылішча, якое размяшчалася ў грамадскім будынку. У 1865 - 1887 навучальным годзе ў школе вучылася 79 хлопчыкаў і 11 дзяўчынак.

       У 1907 - 1909 гг. недалёка ад царквы пад кіраўніцтвам святара Канстанціна Давыдовіча за дзяржаўны кошт была пабудавана жаночая прыходская школа, якая праіснавала да ваеннага 1914 года.

       Пры праваслаўнай царкве у 1900-1901гг. навучалася 110 хлопчыкаў і 13 дзяўчынак. У розны час тут настаўнічалі: выхаванец Свіслацкай настаўніцкай семінарыі Максім Крук, выпускнік Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі Васіль Бачка, выпускнік Свіслацкай настаўніцкай семінарыі Іван Тарас. Шмат гадоў у гэтым вучылішчы выкладаў Закон Божы выхаванец Літоўскай праваслаўнай семінарыі святар Павел Гаўрылавіч Страшкевіч (1874 - пачатак ХХ ст).

       Пасля вызваленчага паходу Чырвонай Арміі па вызваленню Заходняй Беларусі ў 1939 годзе пачынаецца гісторыя савецкай школы. На 1-га студзеня 1940 года ў вёсцы Малая Бераставіца працавала няпоўная сярэдняя школа. Першым яе дырэктарам быў Заламай Сцяпан Міхайлавіч, завучам Цівунчык Фама Раманавіч, усяго ў школе працавалі 9 настаўнікаў. Першы піянерскі важаты школы Пётр Дземчанка ў першыя дні вайны ў 1941 годзе дабравольцам пайшоў на фронт, дзе геройскі загінуў.

       Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з 11 верасня 1944 года пачаліся заняткі ў Малабераставіцкай сямігадовай школе.Узначаліў школу Ластачкін Мікалай Мікалаевіч, былы партызан- падрыўнік атрада "Красный Октябрь" Палесскага аб'яднання, удзельнік гістарычнага парада партызан у Мінску ў 1944 г.

       У перыяд з 1960 - 1968 гг. дырэктарам школы працаваў Міронаў Емяльян Пятровіч.

       З 1968 па 1974 гг. дырэктарам школы працаваў Зайко Уладзімір Уладзіміравіч.

       У час працы дырэктарам Малабераставіцкай сярэдняй школы Лазарчыка Мікалая Сяргеевіча быў пабудаваны новы будынак школы на 780 вучнёўскіх месц. Адкрыццё новай школы адбылося 10 лістапада 1978 года. Дырэктарамі ў новай школе працавалі Лазарчык Мікалай Сяргеевіч, Сімановіч Аляксей Антонавіч, Панасевіч Леанід Міхайлавіч, Мікульскі Анатолій Антонавіч, Абярган Сяргей Уладзіміравіч, Кратынскі Віктар Вацлававіч. 

       У 2007 годзе адбылася  рэканструкцыя будынка школы. Школа атрымала сучасны выгляд. У наш час дырэктарам школы працуе былая выпускніца школы, творчы чалавек, адораны педагог англійскай мовы, настаўнік вышэйшай катэгорыі Вікторыя Рамуальдаўна Кісялеўская. У 2010 годзе Вікторыя Рамуальдаўна была ўдзельнікам 4-га Усебеларускага  Народнага сходу.

  

Наш адрес:

Малоберестовицкая средняя школа

Адрес: Гродненская область, Берестовицкий район, агрогородок Малая Берестовица, улица Цитаишвили, 1А


Телефон: 80151142172

E-mail: Mberestsch@yandex.ru

© Mberestsch

Сделать бесплатный сайт с uCoz